На нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі па пытанні стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій была падрабязна выкладзена канцэпцыя ўніверсітэта будучыні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як даклаў міністр адукацыі Андрэй Іванец, рэалізацыя эксперыментальных праграм акадэміі ў поўнай меры будзе магчыма толькі пры адборы матываваных і адораных людзей. Спецыялісты лічаць, што пры масавым наборы гэтыя эксперыментальныя праграмы не дадуць належнага эфекту.

“Трэба адкрыць дзверы для выпускнікоў каледжаў, для тых хлопцаў, якія ўжо сёння вучацца ў ВНУ, праявілі сябе і хочуць перавесціся ў гэты новы адукацыйны цэнтр. У праекце ўказа маецца і такая траекторыя”, – падкрэсліў міністр адукацыі. Ён патлумачыў, што студэнтам, якія жадаюць паступіць у цэнтр, неабходна будзе прайсці субяседванне і здаць унутраны экзамен.
“Пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд мы абавязаны забраць са школьнай лавы, каб не дапусціць люфту часу, калі яны могуць пахіснуцца: выбраць айчынную ўстанову адукацыі альбо паехаць у іншую ВНУ”, – канстатаваў Андрэй Іванец.
Міністр адукацыі адзначыў, што ўпор у акадэміі будзе зроблены на атрыманне рэальнага эфекту для эканомікі. Падрыхтоўка стане ажыццяўляцца ў галіне прыродазнаўчых навук і інжынерных тэхналогій. Спецыялістаў будуць навучаць распрацоўцы перспектыўных і сучасных тэхналогій, якія прадаюцца ў Беларусі і за мяжой.

“Упор будзе зроблены на праектнае навучанне. Базавую адукацыю мы дамо за два першыя курсы. Гэта будзе напружаная і карпатлівая вучоба. З трэцяга курса пачынаецца фактычна індывідуальнае навучанне: канкрэтны праект, канкрэтная тэхналагічная задача і прадпрыемства, для якога спецыяліст альбо міждысцыплінарная каманда будуць вырашаць задачы”, – падкрэсліў Андрэй Іванец.
Адным з важных напрамкаў дзейнасці адукацыйнага цэнтра ён назваў вырашэнне кадравага пытання: “Мы павінны забяспечыць пераемнасць пакаленняў. Па шэрагу напрамкаў у нас ёсць старэнне кадраў – мы гэта бачым і ў ВНУ, і ў Акадэміі навук. Гэтую тэндэнцыю мы павінны пераламаць, вырасціць новых вучоных, выкладчыкаў, галоўных тэхнолагаў”.

Пры рабоце над стварэннем новага адукацыйнага цэнтра вывучаўся вопыт вядучых ВНУ Расіі і Кітая. “Мы паглядзелі перспектыўныя напрамкі, як арганізаваны адукацыйны працэс і як туды ўцягнуты не толькі студэнты, але і выкладчыкі, выпускнікі і рэальны сектар эканомікі”, – сказаў Андрэй Іванец. Ва ўвагу прымалася і класічная айчынная адукацыя, якая характарызуецца спалучэннем базавых курсаў фундаментальных дысцыплін з лабараторнымі практычнымі заняткамі. У сувязі з гэтым міністр адукацыі падкрэсліў, што на базе Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій меркавана стварыць не толькі класічныя вышэйшыя школы, але навукова-адукацыйныя лабараторыі.
Крыніца: minsk-region.gov.by