• Адрас: 222417, Мінская вобл., г. Вілейка, вул. Партызанская, 40
  • Рэжым работы: 8.30-17.30 абед 13.00-14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8:00)
Герб Рэспублікі Беларусь
Вілейскі Раённы Выканаўчы Камітэт
Герб Вілейкі
19.08.2026

Лясная гаспадарка

Дзяржаўная доследная лесагаспадарчая ўстанова «Вілейскі доследны лясгас»

Дзяржаўная доследная лесагаспадарчая ўстанова «Вілейскі доследны лясгас» Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання (далей – лясгас) арганізавана ў кастрычніку 1939 года з былых памешчыцкіх і казённых лясоў і размешчана ў паўночна-заходняй частцы Мінскай вобласці на тэрыторыі Вілейскага (98,3%), Мядзельскага (1,1%), Лагойскага (0,2%), Маладзечанскага (0,2%) і Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці (0,2%). На поўначы лясгас мяжуе з ДПУ «НП «Нарачанскі», на захадзе са Смаргонскім доследным лясгасам, на ўсходзе з Лагойскім лясгасам, на паўднёвым усходзе з ДЛГУ «Краснасельскае», на паўднёвым захадзе з Маладзечанскім лясгасам. Працягласць лясгаса з поўначы на поўдзень складае 57 км, з усходу на захад 60 км. Плошча лясгаса складае 96041,9 га, пакрытыя лесам землі 86848,5 га. Асноўнымі лесаўтваральнымі пародамі з’яўляюцца: сасна – 65,9%, бяроза – 16,7%, елка – 11,2%. Лесістасць раёна складае 40,2 %. Сярэдні ўзрост насаджэнняў 64 гады. Агульны запас насаджэнняў – 21999,3 тыс.м3. Узроставая структура насаджэнняў:маладнякі-17 %, сярэднеўзроставыя-29,6%, прыспелыя-30,1%, спелыя-23,3%.

У склад лясгаса ўваходзяць 10 лясніцтваў (Вілейскае доследна-вытворчае, Вязынскае, Іжскае, Ільянскае, Касцяневіцкае, Курэнецкае, Любанскае, Нарачанскае, Прыгарадное, Старынкаўскае), ПМУ «Рэчкі», лесапункт, вытворчы ўчастак па вытворчасці, захоўванні трэскі і пагрузцы вагонаў. Колькасць працуючых 436 чалавек.

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці прадпрыемства з’яўляюцца: вядзенне лясной гаспадаркі, нарыхтоўка і перапрацоўка драўніны, пабочнае карыстанне ляснымі рэсурсамі, вытворчасць пасадачнага матэрыялу, аказанне спектру паслуг насельніцтву і арганізацыям.

На тэрыторыі Курэнецкага лясніцтва размешчаны базісны лясны гадавальнік плошчай 27,7 га. Тут вырошчваецца пасадачны матэрыял для аднаўлення лясоў хвойных і лісцевых парод. Таксама тут рэалізуюцца дэкаратыўныя расліны насельніцтву і юрыдычным асобам для добраўпарадкавання тэрыторый і прысядзібных участкаў.

На тэрыторыі чатырох лясніцтваў размешчана лесапаляўнічая гаспадарка лясгаса, якая была ўтворана ў 1968 годзе. Плошча паляўнічых угоддзяў – 53,6 тыс.га, з іх лясных – 29,9 тыс.га, палявых – 22 тыс. га, водна-балотных – 1,7 тыс. га. Асноўнымі відамі жывёл з’яўляюцца: лось, казуля, алень, глушэц, цецярук, бабёр, заяц. Праводзяцца паляванні на капытных (лось, казуля, алень), пушных жывёл і птушак.

Ва ўрочышчы Доманава, на маляўнічым беразе ракі Вілія размешчаны паляўнічы комплекс Доманава, акружаны сасновым лесам. Побач маецца прыродная крыніца. Да паслуг наведвальнікаў камфартабельныя двух- і трох-мясцовыя гатэльныя нумары для пражывання, домік для ўрачыстасцей умяшчальнасцю да 60 чал для правядзення карпаратыўных сустрэч, банкетаў, урачыстасцей, дзён нараджэнняў і іншых святаў. Маецца лазня з басейнам, більярд, тэнісны корт, альтанкі, мангал для прыгатавання шашлыкоў. На пракат зімой можна ўзяць лыжы, летам веласіпед. За даведкамі звяртацца па тэлефоне

+375 (33) 324-84-31.

Лясгас прапануе паслугі для адпачынку на Слабадскім возеры. Магчыма карыстанне месцамі, абсталяванымі для рыбнай лоўлі, пражыванне ў чатырохмясцовым вагон-доміку, катанне на катамаране або лодцы, лазня.

Арганізаваны сплавы на байдарках па рацэ Нарачанка і Узлянка.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне

+375 (01771) 4-11-33.

Прамысловая дзейнасць лясгаса развіваецца па двух напрамках:

лесанарыхтоўкі;

дрэваперапрацоўка.

Прыярытэтнае значэнне надаецца лесанарыхтоўчай дзейнасці, доля якой у агульным аб’ёме вытворчасці складае 70 %. У дрэваперапрацоўцы найбольшую ўдзельную вагу займаюць піламатэрыялы.

Лясгас рэалізуе:

лесаматэрыялы;

піламатэрыялы неабрэзныя і абрэзныя;

абшыўку;

трэску паліўную;

дровы;

мятлу гаспадарчую;

венік лазневы;

елку навагоднюю (напярэдадні Новага года);

мёд (у сезон);

бярозавы сок (у сезон);

саджанцы дэкаратыўных парод (у гадавальніку).

Адрас: 220410, Мінская вобласць, г. Вілейка, вул. Стаханаўская,221

Кантактныя тэлефоны:

8 (01771) 2-22-55 (дырэктар),

тэл./факс: 8 (01771) 2-22-50 (прыёмная).

E-mail: vlk-forestry@mail.ru

Падрабязную інфармацыю аб Вілейскім доследным лясгасе, пераліку прадукцыі, што выпускаецца, і цэнах можна даведацца на сайце: http://www.lesvilia.by.