Героі Савецкага Саюза – ураджэнцы Вілейскага раёна
Азончык Аляксандр Сямёнавіч (10.08.1908 – 08.02.1995) Нарадзіўся ў в. Яцкавічы Мядзельскага раёна. У 1939 – 1941 гг. працаваў у органах НКУС Вілейскай вобласці. Са студзеня 1942 г. – камандзір партызанскай дыверсійнай групы ў складзе атрада імя С.М. Будзёнага. Са снежня 1943 г. – камандзір атрада “Патрыёт” партызанскай брыгады імя С.М. Будзёнага. 1 студзеня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1944—1955 гг. на савецкай рабоце. Жыў у в. Куранец Вілейскага раёна, дзе і пахаваны.
Валынец Андрэй Іванавіч (19.01.1904 – 30.03.1965) Нарадзіўся ў в. Жаўткі Вілейскага раёна. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падполля і партызанскага руху на Вілейшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З 1939 г. і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны – дырэктар торфапрадпрыемства ў роднай в. Жаўткі. З кастрычніка 1943 г. камандзір партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь”, з 6 ліпеня 1944 г. камандзір партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь”. 15 жніўня 1944 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вызвалення Вілейшчыны – старшыня Вілейскага гарвыканкама, намеснік старшыні Вілейскага і Маладзечанскага райвыканкамаў, загадчык аддзела Маладзечанскага аблвыканкама. Пахаваны ў г. Маладзечне. Яго імем названы вуліцы ў гарадах Вілейка і Маладзечна.
Зубовіч Канстанцін Міхайлавіч (21.12.1904 – 28.12.1944) Нарадзіўся ў в. Папоўцы Вілейскага раёна. З лістапада 1944 г. на фронце. Асабліва вызначыўся ў баях на тэрыторыі Венгрыі. 5 снежня 1944 г. пры фарсіраванні ракі Дунай, адным з першых пераплыў раку, гранатамі знішчыў кулямётны разлік ворага, авалодаў кулямётам і агнём з яго прыкрываў савецкіх воінаў. 28 снежня 1944 г. удзельнічаў у баях на вуліцах Будапешта, вызваляючы сталіцу Венгрыі ад нацысцкіх захопнікаў. Там загінуў і пахаваны. 24 сакавіка 1945 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Імем Зубовіча К.М. названы вуліцы ў горадзе Вілейка, у аграгарадку Нарач.
Лаўрыновіч Уладзімір Сцяпанавіч (28.12.1913 – 31.01.1945) Нарадзіўся ў в. Порса Вілейскага раёна. Са жніўня 1944 г. на 2-м і 1-м Беларускіх франтах, сяржант, кулямётчык 338-га стралковага палка 96-й стралковай дывізіі. Загінуў у баі 31 студзеня 1945 г. у раёне станцыі Шпартынен, Усходняя Прусія. 19 красавіка 1945 г. Лаўрыновічу В.С. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Ён перапахаваны ў брацкую магілу савецкіх воінаў у г. Брэнёва, Польшча. Герой навечна занесены ў спіс вайсковай часці, дзе ён служыў. Яго імем названа вуліца ў горадзе Вілейка.
Героі Сацыялістычнай Працы – ураджэнцы Вілейскага раёна
Касяк Марыя Іванаўна (01.07.1918 — 15.07.2006) Нарадзілася ў в. Заазер’е Вілейскага раёна. З 1953 г. узначальвала льнаводчае звяно ў калгасе «Чырвоны Сцяг» Вілейскага раёна. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Сувязная партызанскай брыгады імя Л.М. Даватара. Пасля вайны аднаўляла разбураную калгасную гаспадарку. Працягвала працаваць звеннявы. Без адрыву ад вытворчасці скончыла трохгадовыя агранамічныя курсы. Звяно Марыі Іванаўны Касяк сабрала высокі ўраджай валакна лёну-даўгунцу. 30 красавіка 1966 года ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Была дэлегатам III Усесаюзнага з’езда калгаснікаў у Маскве. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання.
Маліноўскі Мікалай Нікадзімавіч (01.01.1921 – 24.01.2018) Нарадзіўся ў в. Жаўткі Вілейскага раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. У 1948 г. скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, а потым ардынатуру. Працаваў хірургам у горадзе Вілейка. У 1954 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата медыцынскіх навук. У 1964 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктар медыцынскіх навук, прафесар Першага Маскоўскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта імя І. М. Сечанава, акадэмік АМН СССР і РАМН, галоўны рэдактар часопіса «Хірургія». 31 снежня 1980 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна; ордэнамі: Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знак Пашаны, Дружбы.
Мірановіч Яўген Фёдаравіч (07.11.1917 – 25.01.1980) Нарадзіўся ў г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна.Удзельнік савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войн. Камандзір партызанскага атрада ім. Варашылава брыгады ім. М.В. Фрунзе Вілейскай вобласці. З 1944 г. дырэктар спіртзавода ў в. Любань Вілейскага раёна, з 1961 г. – дырэктар саўгаса “Любань” імя 50-годдзя СССР. У 1967 годзе прысвоена званне Заслужаны аграном БССР. У 1974—1979 гг. – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. 13 снежня 1972 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі: Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі. У аграгарадку Любань у яго гонар устаноўлены памятны знак.
Паклікуха Вера Піліпаўна (20.05.1920-1999) Нарадзілася ў в. Леановічы Вілейскага раёна. Дзявочае прозвішча Капцюг. З 1948 г. працавала цялятніцай калгаса “30 гадоў БССР”, у 1950-75 гг. – у саўгасе імя Прытыцкага Маладзечанскага раёна. 8 красавіка 1971 года ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена за поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні заданняў 8-й пяцігодкі па продажы дзяржаве прадукцыі жывёлагадоўлі.