• Адрас: 222417, Мінская вобл., г. Вілейка, вул. Партызанская, 40
  • Рэжым работы: 8.30-17.30 абед 13.00-14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8:00)
Герб Рэспублікі Беларусь
Вілейскі Раённы Выканаўчы Камітэт
Герб Вілейкі
19.08.2026

Героі Савецкага Саюза

Вялікая Айчынная вайна адышла ў мінулае. Але гераічныя подзвігі, здзейсненыя ў суровыя гады барацьбы супраць фашызму, навечна залатымі літарамі ўпісаны ў слаўны летапіс гістарычных здзяйсненняў савецкага народа. Мы беражліва захоўваем у памяці імёны тых, хто ваяваў і загінуў, ваяваў і выжыў, хто стаяў да смерці дзеля жыцця і міру на зямлі.

16 красавіка 1934 года Пастановай ЦВК СССР заснавана званне – Герой Савецкага Саюза. Згодна з Палажэннем, Герой Савецкага Саюза – ганаровае званне, вышэйшая ступень адрознення за асабістыя або калектыўныя заслугі перад дзяржавай, звязаныя са здзяйсненнем гераічнага подзвігу.

Больш за ўсё Зорак Герояў атрымалі за подзвігі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта яны, у першых шэрагах ішлі на ворага, натхняючы сваім прыкладам тысячы і тысячы іншых воінаў, былі там, дзе вырашаўся зыход бою, ваявалі да апошняга дыхання і перамаглі.

Больш за 500 беларусаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, сярод іх ураджэнцы Вілейшчыны.


Азончык Аляксандр Сямёнавіч – першым з прадстаўнікоў Вілейшчыны стаў Героем Савецкага Саюза. Адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР быў падпісаны 1 студзеня 1944 гады.

Нарадзіўся Аляксандр Сямёнавіч 10 жніўня 1908 года на хутары Яцкавічы Княгінінскай воласці Вілейскага павета. Дзяцінства прыйшлося на гады Першай Сусветнай вайны, юнацкасць – калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад польскай дзяржавы. У 1929 – 1931 гадах служыў у польскім войску ў званні капрала, быў камандзірам аддзялення.

За падпольную дзейнасць збор аператыўных выведдадзеных для перадачы ў Савецкі Саюз быў арыштаваны і змешчаны ў вілейскую турму. У 1939-1941 гадах працаваў у органах НКУС.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна Аляксандр Сямёнавіч, маючы добрыя арганізатарскія здольнасці, ужо ў ліпені 1941 года арганізаваў з былых ваенных, якія трапілі ў асяроддзе, партызанскую групу з 16 чалавек. Але праз два тыдні гурт распаўся і тады Азончык зрабіў стаўку на мясцовых жыхароў, якіх добра ведаў і давяраў. Спачатку іх было восем чалавек, у т.л. і ягоны родны брат Мікалай, які загінуў 20 снежня 1941 года.

Са студзеня 1942 года партызанская дыверсійная група Азончыка дзейнічала ў складзе атрада імя Будзёнага. Са снежня 1943 года Азончык – камандзір атрада “Патрыёт” партызанскай брыгады імя Будзёнага.

У 1946 годзе Аляксандр Сямёнавіч пасяліўся ў вёсцы Куранец, дзе і пражыў амаль 50 гадоў. Памёр у 1995 годзе. На доме ў якім жыў герой устаноўлена мемарыяльная дошка.


Андрэй Іванавіч Валынец – Герой Савецкага Саюза, легендарны камбрыг. Нарадзіўся 19 студзеня 1904 года ў вёсцы Жаўткі ў сялянскай сям’і. Служыў у польскім войску, у 1926 году нават скончыў у Нова-Вілейцы артылерыйскую школу. Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся ў родныя краі, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. У 1934 годзе ўступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі, быў сябрам падпольнага райкама КПЗБ, за што неаднаразова арыштоўваўся з боку польскіх уладаў.

Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР у 1939 годзе Валынец А.І. прызначаецца дырэктарам новага прадпрыемства – торфазавода “Жаўткі”.

Якая грымнула вайна, парушае ўсе стваральныя планы. Валынец застаецца на акупаванай тэрыторыі. Асцярожна, шукаючы аднадумцаў, пачаў аб’ядноўваць вакол сябе патрыётаў, арганізоўваць іх на барацьбу з захопнікамі.

Увесну 1942 года стварыў і ўзначаліў партызанскую групу, якая дзейнічала на тэрыторыі Куранецкага раёна. З кастрычніка 1943 года – камандзір партызанскага атрада, з ліпеня 1944 года – партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь”. Да моманту злучэння брыгады з Чырвонай Арміяй у ёй было 421 партызан і на рахунку сотні баявых аперацый. Побач з легендарным камандзірам у брыгадзе знаходзяцца яго жонка Ганна Варфаламееўна і маленькі сын Мікалай. Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР ад 15 жніўня 1944 гады Валынцу А.І. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны былому камбрыгу давяраюць аднаўленне народнай гаспадаркі ў родных мясцінах – ён з’яўляўся старшынёй Вілейскага гарвыканкама, намеснікам старшыні Вілейскага і Маладзечанскага райвыканкамаў, начальнікам аддзела Маладзечанскага аблвыканкама.

Памёр Валынец А.І. 30 сакавіка 1965 гады. У Вілейцы і Маладзечне ў яго гонар названы вуліцы. У Маладзечне ўсталяваны таксама помнік і жыве дачка Героя – Мая Андрэеўна Уласенка. Падчас аўтапрабегу “Хваля Перамогі” Масква – Мінск – Масква, які праходзіў 1 – 6 ліпеня 2004 года, адбылася сустрэча з сынам Віктарам, які жыве ў Маскве.

У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі, на будынку Вілейскіх электрасетак, па ініцыятыве былога начальніка Рогача Анатоля Валянцінавіча, жыхары Вілейкі ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар свайго земляка, легендарнага камбрыга на вуліцы, якая ў 1966 годзе была названа ў яго гонар.

Многія Героі не ведалі і ўжо ніколі не даведаюцца, што яны ўдастоены такога высокага і ганарлівага звання, таму што гэтае званне ім прысвоілі пасмяротна. Сярод такіх і нашы землякі – ураджэнцы Вілейскага раёна: Лаўрыновіч Уладзімір Сцяпанавіч і Зубовіч Канстанцін Міхайлавіч.


Лаўрыновіч Уладзімір Сцяпанавіч – нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Порса. Са жніўня 1944 года на 2-м і 1-м Беларускіх франтах. Уладзімір Сцяпанавіч удзельнічаў у многіх баях. Камандзір прызначаў яго туды, дзе патрэбен быў асабліва надзейны чалавек і ваяр заўсёды які спраўляўся з заданнем. Асабліва вызначыўся ён, калі вяліся баі ва Ўсходняй Прусіі. Да гэтага часу Лаўрыновіч стаў ужо сяржантам, дасведчаным кулямётчыкам.

У ноч з 26 на 27 студзеня 1945 года вялікая група фашыстаў пры падтрымцы танкаў і самаходных гармат вырвалася з кальца акружэння. Усю ноч вёўся ўпарты бой. Вораг насядаў з усіх бакоў. Асабліва спякотны бой разгарэўся 31 студзеня ў раёне станцыі Шпартынен. Уладзімір Сцяпанавіч, заняўшы выгадную пазіцыю, адкрыў агонь, знішчыў больш за 50 гітлераўцаў. Калі скончыліся патроны, з супрацьтанкавымі гранатамі кінуўся пад танк і падарваў яго.

19 красавіка 1945 года Лаўрыновічу В.С. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Ён перапахаваны ў брацкую магілу савецкіх воінаў у г.Брэнёва, Польшча.

Герой навечна занесены ў спіс вайсковай часці, дзе ён служыў. Яго імем названа вуліца ў Вілейцы. У вёсцы Порса на доме, дзе жыў устаноўлена мемарыяльная дошка.

У Вілейцы жыве дачка Героя – Лаўрыновіч Алена Уладзіміраўна. А ў Санкт-Пецярбургу – два сыны Алены Уладзіміраўны. Аднаго з іх назвалі ў гонар дзеда – Уладзімірам. Уладзімір – палкоўнік медыцынскай службы, доктар медыцынскіх навук, прафесар, выкладчык Ваенна-медыцынскай акадэміі.


Зубовіч Канстанцін Міхайлавіч нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Папоўцы. Да прызыву ў войска працаваў на сельскай гаспадарцы. З лістапада 1944 гады на фронце. Асабліва вызначыўся ў баях на тэрыторыі Венгрыі. 5 снежня 1944 года пры фарсіраванні Дуная, адным з першых пераплыў раку, гранатамі знішчыў кулямётны разлік ворага, авалодаў кулямётам і агнём з яго прыкрываў савецкіх воінаў. 28 снежня ўдзельнічаў у баях на вуліцах Будапешта, вызваляючы сталіцу Венгрыі ад фашысцкіх захопнікаў. Там загінуў і пахаваны. 28 снежня 1944 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).

Імем Зубовіча К.М. названы вуліцы ў Вілейцы, у вёсцы Нарач. У вёсцы Папоўцы, на доме, дзе жыў, мемарыяльная дошка. Памяць пра бацьку свята захоўваюць дзве дачкі Героя – Галіна Канстанцінаўна, пражывае ў г.Маладзечне, і Марыя Канстанцінаўна – якая пражывае ў вёсцы Куліха Вілейскага раёна.


Імёны многіх Герояў Савецкага Саюза лёсам і гераічнымі подзвігамі звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на Вілейшчыне:

Цімчук Іван Мацвеевіч, з лютага 1942 года камісар партызанскага атрада “Мсціўца” Мінскай вобласці, на базе якога створана партызанская брыгада “Народныя мсціўцы” ім. В.Т.Варанянскага- брыгада, якая сумесна з асланаўцамі вызваляла Вілейку. З мая 1944 года Цімчук І.М.- камандзір 1-ай Антыфашысцкай брыгады. 31 кастрычніка – 1 лістапада 1943 года партызаны гэтай брыгады пад камандаваннем В.В.Гіль-Радзівонава разграмілі фашысцкі гарнізон у Вілейцы.

Цімчук І.М. быў прызначаны першым дырэктарам 1-га Беларускага зверасаўгаса ў вёсцы Людвінава Вілейскага раёна. У 2007 годзе каля адміністрацыйнага будынка РУП “Першы Беларускі” ў яго гонар устаноўлены памятны знак.

Машэраў Пётр Міронавіч – Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай працы, партыйны і дзяржаўны дзеяч Беларусі. З верасня 1943 гады – першы сакратар Вілейскага падпольнага абкама камсамола. У 1944 – 1945 гадах Пётр Міронавіч жыў і працаваў у Вілейцы. 15 лютага 2008 года ў дзень 90-годдзя з дня нараджэння Машэрава ў Вілейцы на будынку раённага Савета дэпутатаў (менавіта на гэтым месцы, пасля вайны размяшчаўся абласны камітэт камсамола, дзе Машэраў працаваў першым сакратаром) устаноўлена мемарыяльная дошка.

Маркаў Фёдар Рыгоравіч. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны намеснік старшыні Вілейскага аблвыканкама. Адзін з першых арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Вілейскай вобласці.

Абухоў Віктар Цімафеевіч – камандзір 3-га гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса, гвардыі генерал-лейтэнант танкавых войскаў. Менавіта часткі гэтага корпуса, у т.л. і 35-ая гвардзейская танкавая брыгада пад камандаваннем гвардыі генерал-маёра танкавых войскаў, двойчы Героя Савецкага Саюза Асланава Азіі Ахадовіча 2 ліпеня 1944 года вызвалялі Вілейку. 3 ліпеня 2009 года ў дзень 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў у Вілейцы, па вуліцы Савецкай, Азіі Асланаву ўсталяваны помнік.

Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны дзякуй Вам за Перамогу і нізкі паклон. Здароўя, радасці і міру на доўгія гады.

Мірановіч Яўген Фёдаравіч – Герой Сацыялістычнай працы. Нарадзіўся 7 лістапада 1917 г. у г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна. У 1936 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, удзельнік савецка-фінскай вайны (1939-1940). У час Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам партызан.