г.Вілейка, вул. Прывакзальная
Чыгуначную станцыю ў павятовым горадзе Вілейка Віленскай губерні ўрачыста адкрылі 1 студзеня 1907 года. У гэты дзень паравоз з некалькімі вагонамі даў гудок і спыніўся на станцыі Вілейка. Станцыя Вілейка ўяўляла сабой цэласны архітэктурны ансамбль: вакзал з буфетам плошчай 75,03 кв. сажняў, пасажырская платформа, воданапорная вежа, службовыя і гаспадарчыя збудаванні.

г. Вілейка вул. Чкалава
Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Вілейцы, размешчаная на паўночна-ўсходняй ускраіне горада, пачала будавацца ў 2010 годзе. 22 лістапада 2015 года яна была асвечана. Дадзены храм лічыцца тыповым узорам рэтраспектыўна-рускага стылю.

г. Вілейка вул. Волынца
Будаўніцтва царквы ў гонар свяціцеля Ціхана было пачата ў 1995 годзе, асвечана царква 9 кастрычніка 1997 года. Храм выкананы ў класічным старажытнарускім стылі, уяўляе сабой аднакупальны будынак крыжападобнай формы.

г. Вілейка пл. Свабоды
Будынак быў пабудаваны ў 1903 годзе з чырвонай цэглы па спецыяльным праекце для павятовага горада Расійскай імперыі для вілейскага пажарнага таварыства. З 1982 года ў былым будынку пажарнай аховы размяшчаецца Вілейскі краязнаўчы музей.

г. Вілейка пл. Свабоды
Капліца-помнік да 2000-годдзя Хрысціянства ўсталявана ў 2001 годзе на месцы, дзе знаходзілася першая вілейская царква, праект архітэктара А.І.Капцюга. Капліца трохгранная, у нішах размешчаны іконы: Раство Хрыстова, Прападобная Ефрасіння Полацкая, Іаан Кармянскі.

г. Вілейка вул. 1 Мая.
У 2007 годзе ў Вілейцы каля гарадскога парку была ўсталявана скульптурная кампазіцыя «Вільяна» — падарунак гораду і сваім землякам зрабіў вядомы беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. Гэты помнік усталяваны ў гонар 150-годдзя воднай экспедыцыі Канстанціна Тышкевіча, якая праходзіла па рацэ Вілія.

г. Вілейка, гарадскі парк
У 1955 г. у гонар вызвалення горада на пастаменце ўсталяваны мінамёт, 1984 г. на пастаменце ўсталявалі мемарыяльныя дошкі з надпісам-прысвячэннем і прозвішчамі савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за горад. У 1989 г. на месцы мінамёта ўсталяваны камень прыроднага паходжання з мармуровай мемарыяльнай дошкай.

г. Вілейка Гарадскі парк
У Вілейцы дзякуючы ініцыятыве актыву раённага БСЖ з дапамогай сродкаў горада і спонсараў быў пастаўлены помнік «Мама з дзецьмі». Урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі адбылося ў ліпені 2017 г. Месца ў гарадскім парку, дзе размешчаны помнік, набыло афіцыйную назву – Сквер маці. Аўтарамі праекта з’яўляюцца Людміла Луцэвіч (аўтар праекта сквера) і Аляксандр Шомаў (аўтар скульптуры).

г. Вілейка вул. 17 Верасня
Храм у імя Святой Прападобнай Марыі Егіпецкай быў пабудаваны ў 1865 годзе. Гэта адзіны храм у Беларусі, які асвечаны ў імя святой Марыі Егіпецкай. Гэта было жаданне Апалона Рэдкіна, двараніна і стацкага саветніка, які ахвяраваў грошы на будаўніцтва храма. На званіцы ўсталяваны гадзіннік, што зусім не ўласціва для праваслаўных цэркваў.

г. Вілейка вул. Кастрычніцкая
Каталіцкі храм быў пабудаваны ў 1906–1913 гадах. Касцёл створаны ў неараманскім стылі з рысамі неаготыкі. 9 верасня 1913 года касцёл быў асвечаны ў імя Узвышэння Святога Крыжа.
16 кастрычніка 1988 года адбылося ўрачыстае адкрыццё канцэртна-выставачнай залы імя Нікадзіма Сілівановіча. Увесну 1990 г. перададзены вернікам, у храме Узвышэння Святога Крыжа адбылася першая Святая імша.

г. Вілейка пл. Цэнтральная
У 2010 годзе на цэнтральнай плошчы нашага горада з’явілася Дрэва дружбы. Традыцыйна напярэдадні самага галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – каля дрэва дружбы збіраюцца дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў горада Вілейкі.

г. Вілейка пл. Цэнтральная
24 ліпеня 2019 года ў Вілейцы ў скверы за помнікам Леніна на Цэнтральнай плошчы ўрачыста адкрылі Алею Герояў. Тут прадстаўлены партрэты і кароткая біяграфія Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, ураджэнцаў Вілейскага раёна і тых, хто, змагаючыся ў гады Вялікай Айчыннай і працуючы ў пасляваенныя гады ў нашым раёне, атрымаў гэта высокае званне.
