Эвакуацыйны выхад – гэта выхад, які вядзе на шлях эвакуацыі або непасрэдна вонкі.
Патрабаванні да іх і шляхоў эвакуацыі прыведзены ў агульных патрабаваннях пажарнай бяспекі да ўтрымання і эксплуатацыі капітальных будынкаў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў і іншых аб’ектаў, якія належаць суб’ектам гаспадарання (далей – агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі), зацверджаных Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.11.2017 № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».
Згодна з агульнымі патрабаваннямі пажарнай бяспекі шляхі эвакуацыі і эвакуацыйныя выхады павінны быць пазначаны ўказальнымі знакамі пажарнай бяспекі, прадугледжанымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, а самі знакі павінны ўтрымлівацца ў спраўным стане.
Замкі (запоры) на дзвярах, размешчаных на шляхах эвакуацыі, павінны забяспечваць магчымасць іх свабоднага адкрывання знутры без ключа.
У тых выпадках, калі ёсць неабходнасць устройства запораў на такіх дзвярах, дапускаецца ўстаноўка электрамагнітных замкоў. Пры гэтым павінны выконвацца ў поўным аб’ёме ўмовы, прадугледжаныя агульнымі патрабаваннямі пажарнай бяспекі (пункт 49), а менавіта: забеспячэнне спрацоўвання электрамагнітных замкоў уручную, дыстанцыйна і аўтаматычна.
Для рэалізацыі ручнога спосабу спрацоўвання электрамагнітных замыкальнікаў каля кожных дзвярэй на шляхах эвакуацыі неабходна размяшчаць прыладу (кнопку), якая дазваляе адкрыць дзверы без ключа. Забаронена выкарыстоўваць электрамагнітныя замкі, якія нельга адкрыць знутры ўручную без выкарыстання ключ-карты або звычайнага ключа.
Пад дыстанцыйным спосабам спрацоўвання электрамагнітных замыкальнікаў разумеецца адкрыванне дзвярэй выдалена (на адлегласці) з паста аховы альбо іншага месца на перыяд знаходжання людзей. Пры гэтым для рэалізацыі ўказанага спосабу месца ўстаноўкі прылады дыстанцыйнага адкрывання дзвярэй, іх колькасць, а таксама канструктыўнае выкананне суб’ект гаспадарання вызначае самастойна з улікам асаблівасцей функцыянавання аб’екта.
Прылады, якія аўтаматычна зачыняюць супрацьпажарныя і дыманепранікальныя дзверы (даводчыкі на дзвярах), павінны знаходзіцца ў працаздольным і спраўным стане. Фіксаваць супрацьпажарныя і дыманепранікальныя дзверы ў адкрытым становішчы, а таксама здымаць іх не дапускаецца (калі іншае не прадугледжана праектнай дакументацыяй).
Акрамя таго, для забеспячэння бяспечнай эвакуацыі не дапускаецца:
– загрувашчваць праходы, выхады, дзверы на шляхах эвакуацыі, эвакуацыйныя выхады на дах, устанаўліваць выставачныя стэнды, гандлёвыя латкі, мэблю, кветкі, расліны і іншую маёмасць, якая памяньшае мінімальную эвакуацыйную шырыню і вышыню;
– змяняць напрамак адкрывання дзвярэй на такі, што перашкаджае выхаду з будынкаў і памяшканняў;
– уладкоўваць на шляхах эвакуацыі імітацыю дзвярэй, устанаўліваць турнікеты (без дублявання праходаў у іх распашной каліткай з забеспячэннем неабходнай эвакуацыйнай шырыні або без забеспячэння магчымасці іх прымусовага адкрыцця) і іншую маёмасць, якая перашкаджае бяспечнай эвакуацыі.