Як паказаў аналіз адміністрацыйнай практыкі філіяла Транспартнай інспекцыі па г. Мінску і Мінскай вобласці (далей – філіял), выяўлены не адзінкавыя выпадкі парушэння парадку праезду па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў (далей – ЦБТС).
Напрыклад, работнікі філіяла пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў на аўтадарогах агульнага карыстання ўстанавілі, што кіроўца А кіраваў ЦБТС з перавышэннем больш чым на пяць працэнтаў устаноўленых Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 чэрвеня 2019 г. № 239 «Аб праездзе цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў» (далей – Указ № 239) параметраў для праезду па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь без наяўнасці спецыяльнага дазволу, які выдаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. За дапушчанае правапарушэнне на кіроўцу накладзена адміністрацыйнае спагнанне па ч. 1 арт.18.37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КоАП) у выглядзе штрафу ў памеры пяць базавых велічынь (225 рублёў).
Акрамя таго, у адпаведнасці з патрабаваннямі п.12 Палажэння аб плаце за праезд цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах, зацверджанага Указам № 239, уладальніку дадзенага ЦБТС зроблены пераразлік платы за праезд па аўтамабільных дарогах ЦБТС. Сума даплаты ў памеры каля 22 тысяч рублёў уплачана ў бюджэт у поўным аб’ёме.
Варта адзначыць, што з 19 чэрвеня 2026 г. набылі моц змяненні, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2026 г. № 138-3 «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці».
Наваўвядзенні датычыліся, у тым ліку артыкула 18.37 КоАП (Парушэнне парадку ўдзелу ў дарожным руху цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў).
З названай даты за кіраванне ЦБТС без спецыяльнага дазволу, які выдаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, або з парушэннем умоў, вызначаных у такім дазволе, альбо адхіленне ад маршруту, указанага ў гэтым дазволе, адказнасць наступае па частцы першай артыкула 18.37 КоАП і цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры ад пяці да пяцідзесяці базавых велічынь (ад 225 да 2250 рублёў).
Навіной з’яўляецца ўвядзенне часткі другой у артыкул 18.37 КоАП, згодна з якой за загрузку грузаадпраўніком транспартнага сродку з перавышэннем устаноўленых дапушчальных вагавых і (або) габарытных параметраў, што пацягнула праезд такога транспартнага сродку па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання без наяўнасці спецыяльнага дазволу на праезд цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў, прадугледжана адказнасць у выглядзе накладання штрафу на вінаватага службовую асобу грузаадпраўніка ў памеры ад трох да трыццаці базавых велічынь (ад 135 да 1350 рублёў), а на юрыдычную асобу – ад пяцідзесяці да ста базавых велічынь (ад 2250 да 4500 рублёў).
Даведачна:
Як і раней, не з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем кіраванне ЦБТС у выпадках, калі вагавыя і (або) габарытныя памеры транспартнага сродку не перавышаюць больш чым на пяць працэнтаў дапушчальныя параметры, устаноўленыя для праезду па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь.
Адначасова належыць акцэнтаваць, што выкананне ўстаноўленага заканадаўствам парадку ўдзелу ў дарожным руху ЦБТС заклікана забяспечыць захаванасць аўтамабільных дарог агульнага карыстання.
Невыкананне нарматыўных патрабаванняў пры праездзе па іх ЦБТС прыводзіць да розных дэфектаў дарожнага палатна, што, у сваю чаргу, можа негатыўна адбіцца на бяспецы дарожнага руху і транспартнай дзейнасці, а таксама патрабуе значных выдаткаў на аднаўленне аўтадарог.
Начальнік упраўлення адміністрацыйнай
практыкі філіяла Транспартнай інспекцыі
па г. Мінску і Мінскай вобласці Наталля Маркоўская